Wikimedia CEE Spring article contest

Беларускі раздзел Вікіпедыі – лідар паводле колькасці створаных артыкулаў на конкурсе “ВікіВясна -2016”!

У Вікіпедыі cкончыўся конкурс артыкулаў пра краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы “ВікіВясна-2016”. Беларускі раздзел сучасным правапісам – на першым месцы паводле колькасці створаных артыкулаў сярод 28 моўных раздзелаў “свабоднай энцыклапедыі”. Вызначаны 5 пераможцаў беларускай часткі конкурсу, што атрымаюць адмысловыя прызы.

Конкурс артыкулаў пра краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы “ВікіВясна-2016” прайшоў у Вікіпедыі з 21 сакавіка да 25 траўня 2016 года і закрануў 28 моўных раздзелаў “свабоднай энцыклапедыі”. Сутнасць праекта заключаецца ў тым, што на працягу трох месяцаў удзельнікі з розных краін рэгіёну ствараюць артыкулы пра сваіх суседзяў паводле загадзя рэкамендаваных тэматычных спісаў.

Усяго ўдзельнікамі з розных краін было створана 9170 артыкулаў, 5920 з якіх – у межах згаданых спісаў. У конкурсе паасобку спаборнічалі аўтары двух раздзелаў беларускай Вікі: сучасным і класічным правапісам. У раздзеле “наркамаўкай” прынялі ўдзел 13 канкурсантаў, намаганнямі якіх было створана 1014 артыкулаў, 777 з якіх – паводле конкурсных спісаў. Дзякуючы такому плённаму ўнёску, беларускі раздзел Вікіпедыі сучасным правапісам стаў абсалютным лідарам паводле колькасці створаных артыкулаў (каля 15 % ад агульнай колькасці) сярод 28 моўных раздзелаў! У раздзеле беларускай вікіпедыі класічным правапісам спаборнічалі 15 канкурсантаў, якія стварылі 469 артыкулаў, 197 з якіх – паводле спісаў. Сярод кантрыб’ютараў абодвух раздзелаў беларускай Вікіпедыі – аўтары з Беларусі, Украіны, Польшчы і Францыі.

Паводле рашэння журы, што складалася са сталых беларускіх вікіпедыстаў, былі вызначаны 5 пераможцаў конкурсу.

У беларускім раздзеле сучасным правапісам перамаглі:

  • у намінацыі “Самы актыўны ўдзельнік” – Artificial123 (380 артыкулаў);
  • у намінацыі “Дэбют” – Ihar Dorinel.

У беларускім раздзеле класічным правапісам:

  • у намінацыі “За найбольшую колькасць конкурсных артыкулаў” – Raviaka Ruslan (166 артыкулаў);
  • у намінацыі “За найбольш ёмкія і якасныя артыкулы” – Renessaince;
  • У намінацыі “За актыўны ўдзел” – Lesnas ättling.

Усе пераможцы атрымаюць прызы ад моладзевага аб’яднання “Фаланстар”– каштоўныя выданні на беларускай мове, што стануцца ім карыснымі для далейшай працы па стварэнні і ўдасканаленні артыкулаў “свабоднай энцыклапедыі”.

Для даведкі:

“ВікіВясна” – мерапрыемства, што ладзіцца штогод вікімедыйцамі і вікіпедыйцамі з рэгіёну Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і мае на мэце падтрымку стварэння артыкулаў пра кожную краіну рэгіёну ў кожным з раздзелаў Вікіпедыі рэгіёну. Ідэя конкурсу “ВікіВясна” – пашырыць інфармацыю пра краіны рэгіёну, прыцягнуць увагу да асаблівасцяў гэтых краін, узмацніць супрацоўніцтва паміж рознымі моўнымі раздзеламі “свабоднай энцыклапедыі”. Партнёрам беларускай часткі конкурсу “ВікіВясна- 2016” з’яўляецца моладзевае аб’яднанне “Фаланстар” – ініцыятар праекта “Вікіфікацыя”, скіраванага  на развіццё беларускай Вікіпедыі. Афіцыйная міжнародная старонка конкурсу “ВікіВясна-2016” – Wikimedia CEE Spring 2016.

Tags: ,

Comments are closed.